АКТУА́ЛЬНАЕ ЧЛЯНЕ́ННЕ СКА́ЗА,

падзел сказа (у жывым маўленні — выказвання) на тэму (зыходны пункт выказвання) і рэму (тое новае, што паведамляецца чытачу ці слухачу аб тэме). Актуальнае чляненне сказа накладваецца на фармальна-сінтаксічную будову сказа, і ён набывае магчымасць перадаваць актуальную ў дадзеным кантэксце, важную ў момант паведамлення інфармацыю. Напр., у сказах «Мужчыны выйшлі на двор з хаты» і «На двор з хаты выйшлі мужчыны» суадносіны і камунікатыўная значымасць тэмы і рэмы розныя (з другога варыянта сказа вынікае, што ў хаце былі не толькі мужчыны). Тэма і рэма перадаюцца: лагічным націскам (прасадычныя сродкі), парадкам слоў (сінтаксічныя), часціцамі, займеннікамі, прыслоўямі або сінонімамі (марфалагічныя і лексічныя). У вусным маўленні тэма найчасцей падкрэсліваецца інтанацыяй, у пісьмовым — парадкам слоў. У экспрэсіўных выказваннях рэма можа папярэднічаць тэме, што патрабуе пры вымаўленні сказа асабліва ўзмоцненага націску і наз. эмфазай. Калі ў сказе адсутнічае проціпастаўленне тэмы і рэмы, ён наз. камунікатыўна нерасчлянёным.

А.Я.Міхневіч.

т. 1, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)